Шчучыншчына

185 Br

Description

Тур Шчучыншчына по маршруту Мураванка - Ішчална - Жалудок - Ражанка - Шчучын - Галавічполле - Старыя Васілішкі - Гурнофель (з абедам) от ЭКОТУР-6! 📞 Онлайн-заявка +375 (29) 614-30-09.

Царква ў МУРАВАНЦЫ (1516 г.), амаль квадратная ў плане, пакрытая высокім чарапічным дахам, завершана паўкруглым алтаром. Па кутах яе падымаюцца чатыры цыліндрычныя абарончыя вежы, усярэдзіне якіх перш размяшчаліся вітыя лесвіцы. Яны выводзілі да памяшкання пад дахам, дзе знаходзілася баявая галерэя. Па ўсім перыметры храма і ў вежах былі ўладкованыя байніцы, а ў падзямеллі царквы – склад для зброі, боепрыпасаў і культавых каштоўнасцяў. Вытанчанае, рытмічна выверанае пластычнае рашэнне фасадаў гэтага храма нясе на сабе адбітак ярка выяўленага рэнесанснага ўплыву. Інтэр'ер зачароўвае вытанчанай прыгажосцю сваіх скляпенняў. Знарочыста-нервовы малюнак рэбраў-нервюр, якія па волі дойліда то ператвараюцца ў вельмі складаныя прасторавыя фігуры, то збіраюцца ў пучкі да чатырох унутраных слупоў – лепшы доказ вольнага валодання мясцовымі майстрамі будаўнічымі прыёмамі з арсенала гатычнага мастацтва. Гэтым каменным сценам зусім хутка споўніцца паўтысячагоддзя, а яны і сёння здаюцца нязломнымі...
Траецкі касцёл (1785 г.) у ІШЧАЛНЕ хоць і з'яўляецца па часе збудавання помнікам позняга барока, але вонкава гэта выяўлена ў ім вельмі стрымана нават на галоўным фасадзе, не кажучы ўжо пра аскетычнасць бакавых. Усе, аднак, змяняецца, ледзь пераступіш парог храма: экспрэсіўная пластыка ракако прымушае літаральна трапятаць алтары, амбон ды, мабыць, і гледача гэтага раскошнага ўзорачча, у якім ювелірная апрацоўка дэталяў спалучаецца са шматзначнымі метафарамі культавай семантыкі...
Гарадскі пасёлак ЖАЛУДОК – радзіма Валерыя Антонія Урублеўскага, віднага рэвалюцыйнага дзеяча, паплечніка Кастуся Каліноўскага. У 2011 годзе, да 175-годдзя з дня нараджэння В. Урублеўскага, у Жалудку ўсталяваны памятны знак у скверы на вуліцы, якая носіць яго імя. Доўгі час Жалудок належаў графам Тызенгаўзам. У падзямеллі тутэйшага касцёла, папярэдніка цяперашняй каталіцкай святыні, быў пахаваны самы вядомы прадстаўнік гэтай фаміліі - рэфарматар Рэчы Паспалітай Антоні Тызенгаўз. КАСЦЁЛ Ушэсця Дзевы Марыі (1854) у Жалудку створаны Каралем Падчашынскім, знакамітым віленскім архітэктарам і тэарэтыкам позняга класіцызму. Кантраст паміж бутавым мурам сцен, з аднаго боку, і пабеленымі франтонамі, калонамі, архітэктурным дэкорам – з другога, строга ўраўнаважанае кампазіцыйнае рашэнне, удала расстаўленыя скульптурныя акцэнты прыдаюць храму – пры яго невялікіх памерах – манументальную веліч. У пачатку ХХ стагоддзя на ўскраіне Жалудка малады князь Людвік Святаполк-Чацвярцінскі заклаў СЯДЗІБУ. Над яе праектам працаваў бліскучы варшаўскі архітэктар Уладзіслаў Марконі, які надаў сядзібнаму дому выгляд элегантнага палаца, у якім зліліся разам водгукі французскага класіцызму і эмацыйныя мелодыі барока другой паловы ХVIII стагоддзя. Цяпер пустуючая сядзіба знаходзіцца ў асяроддзі магутных дрэў старажытнага парку... Наведаем яе!
РАЖАНКА сустракае нас касцёлам Св. Пятра і Паўла (1827 г.). Храм пабудавалі на сродкі сенатара Валадарства (Каралеўства) Польскага Людвіка Міхала Паца, а праз стагоддзе – перарабілі. Святыня ўзведзена з цэглы і бутавага каменя. У ім лёгка адрозныя праявы неагатычнага стылю. Асабліва ярка, з вядомай доляй шыку, дэманструе сябе фасадная сцяна, дзе на камень нанесеныя ляпны герб, шырокі арнаментальны пояс і вытанчаны малюнак з вертыкальна-гарызантальных белых ліній.
ШЧУЧЫН вядомы з 1537 года як прыватнаўласніцкае мястэчка. У 1718 годзе тут быў заснаваны манастыр піяраў, пры якім праз восем гадоў адкрылі школу, або калегію. З часам яна, нібы “по щучьему веленью”, стала адной з найбуйнейшых сярод ёй падобных у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе! Піяры (не блытаць з сённяшнімі PR-спецыялістамі!) з ХVI стагоддзя сталі рэфарматарамі сістэмы адукацыі ў Рэчы Паспалітай.…